Незвычайная прынада

— Сідры, не спі! Сідры, варушыся! Пабразгай. Скажы што-небудзь. Не бойся, мы тутака.
Гадзіны са тры хлопчык добра трымаўся, але потым пачаў дзюбаць носам.
Месяц зусім асвятліў раку. Вось пасярэдзіне, сярод срабрыстых струменяў, нешта плюхнулася і зачарнелася.
— Няхай варушыцца! Няхай варушыцца! Ён, паганец, здаецца, спіць,— нецярпліва зашаптаў Блэнсдорф.
— Сідры, не спі! Варушыся! — выгукнуў бацька. Тады Блэнсдорф засіпеў на Асана:
— Цішэй! Спалохаеш кракадзіла!
Бацька пачаў кідаць у сына зямлёй, трэскамі. Хлопчык схамянуўся, заварушыўся, пачаў азірацца.
Кракадзіл, відаць, ужо заўважыў яго і асцярожна пачаў набліжацца да берага. Праз некалькі мінут ён зрабіўся смялей: мусіць, заўважыў, што гэта не паляўнічы, а дзіцянё. Вось ужо галава з'явілася ля самага берага.
Хлопчык убачыў страшыдла, закрычаў і кінуўся бегчы, але вяроўка тарганула яго, і ён паваліўся на зямлю.
Асцярожны кракадзіл, пачуўшы шум і крык, адхіснуўся быў назад, але хутка ўбачыў, што тут тузаецца адно бездапаможнае дзіця, і зноў пасунуўся наперад.
Настаў самы жудасны момант. Няшчасны хлопчык ірваўся, торгаў нагой і крычаў так, што нават сэрца Блэнсдорфа ўздрыганулася.
А кракадзіл падпаўзаў...
Бацька стагнаў: «Хутчэй, хутчэй!»
Вось ужо дзве стрэльбы добра нацэліліся...
Але раптам ззаду пачуўся звярыны рык. Паляўнічыя мімаволі азірнуліся, а тым часам кракадзіл ухапіў хлопчыка за нагу і пацягнуў у ваду...
Тады толькі раздаліся два стрэлы, зноў два. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы... з нагою хлопчыка ў пашчы...
Сідры застаўся жывы. Толькі нагу страціў. Але ж затое за гэтую нагу сям'я кармілася некалькі месяцаў. А потым... потым зноў зажылі, як раней.