Слёзы Тубi

Вось на адным камені ён заўважыў чарапашкі, борздзенька згроб іх, паклаў у кошык і ўжо быў накіраваўся ўверх, як заўважыў, што зрабілася цёмна, нібы нешта зверху заступіла святло.
Зірнуў — плыве на яго ўжо сапраўднае страшыдла, рыбіна метраў чатырох даўжыні са страшэнным ротам, пастаўленым неяк упоперак пад галавою, з вялікімі міргаючымі вачыма. У разяўленьш роце відаць велізарныя зубы. Гэта і быў той самы страшны вораг — акула, супраць якой бралі людзі кінжалы.
Кінуўся Тубі ў адзін бок, кінуўся ў другі, паказаўся ўжо над вадой, але... Жудасны крык... хруснулі косці, а з імі разам і кошык... Тубі загінуў...
Людзі з усіх бакоў спяшаліся на дапамогу. Акула досыць нязграбная і няспрытная, людзі могуць ;і ёй справіцца. Не паспела яна павярнуцца, як некалькі кінжалаў прабілі яе.
Затрапяталася звяруга, нават аглушыла хвастом аднаго чалавека. Запенілася мора, але белая пена была афарбавана крывёю акулы.
Не прайшло ёй дарма гэтае злачынства, загінула і яна.
Пацягнулі акулу да берага, разрэзалі ёй горла і бруха і там знайшлі беднага Тубі з яго кошыкам.
А ў кошыку некалькі чарапашак.
Лапы гаспадароў адразу ж пацягнуліся да чарапашак. Разбілі адну, раздушылі другую, а ў трэцяй знайшлі вялізную прыгожую жамчужыну.
Заблішчалі вочы ў гаспадароў, пстрыкнулі яны пальцамі:
— Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе. Стаіць, галосіць матка над тым, што засталося
ад яе сына. Кляне той лес, які ўзяў ад яе мужа і сына. Хмура глядзяць голыя людзі на бязвінную ахвяру, слаўнага, спрытнага маленькага Тубі.
Памякчэлі нават і сэрцы людзей у белых халатах. Нягледзячы на тое, што Тубі працаваў толькі сем дзён, яны заплацілі матцы за ўвесь месяц і, апрача гэтага, дадалі яшчэ сто рупій (каля пятнаццаці рублеў).
Праз некалькі месяцаў у Лондане быў баль у міністра замежных спраў. Запрошаны былі такія паны, што на кожным з іх каштоўнасцей было не менш як на сто тысяч. Але ж і сярод такіх багацеяў агульную ўвагу звярнула на сябе жонка «нафтавага караля», лэдзі Сміт. Яна ўся ззяла золатам і брыльянтамі. А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына. У залатой аправе, тонка адшліфанавая, яна вісела на грудзях, нібы жывая. Бледны колер, мяккія пералівы святла, аксамітны выгляд — усё гэта вабіла і цешыла вока. Не хацелася верыць, што гэта толькі камень.
— Пяцьдзесят тысяч каштуе! — шапталіся зайздрослівыя пані.
— Нездарма легенда кажа, што гэта скамянелыя божыя слёзы.
Не ведалі яны, што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлон.