Слёзы Тубi

I вось аднаго разу маці сказала Тубі, што яму трэба вучыцца, што яму прыйдзецца хадзіць за тры кіламетры ў «школу». А потым маці павяла яго і пакінула ў «настаўніка».
Гэты настаўнік, відаць, быў вельмі сярдзіты, бо заўсёды трымаў у руцэ бізун.
Вучняў набралася чалавек пятнаццаць.
Пачалося навучанне. Настаўнік узяў пяць белых, досыць вялікіх каменьчыкаў, даў хлопцам, каб яны добра прыгледзеліся да іх, кінуў каменьчыкі ў мора і загадаў пяці хлопчыкам, каб кожны з іх дастаў па каменьчыку.
Хлопцы нырнулі, вынырнулі. Чатыры хлопчыкі прынеслі па каменьчыку, а пяты не знайшоў. Тады настаўнік сцебануў яго бізуном па голай шчуплай спіне... Дайшла чарга да Тубі. Ён плаваў і ныраў, можа, лепш за ўсіх хлопчыкаў, але пры думцы што яму можа не пашанцаваць, што тады ён таксама атрымае бізуна,— пры гэтай думцы ў яго цямнела ўваччу.
Раз, два, тры! Каменьчыкі паляцелі ў ваду, хлопцы — за імі. Тубі адразу заўважыў, што тутака зусім неглыбока і светла, і гэта супакоіла яго. Шырока раскрытымі вачыма стаў ён прыглядацца да дна.
Зеленаваты колер вады, выгляд дна, мігценне святла — усё гэта яму было добра знаёмае. Бяда толькі, што на дне многа было другіх каменьчыкаў, сярод якіх цяжка было знайсці той, што кінуты.
Вось ён заўважыў свой каменьчык і кінуўся да яго, але разам з ім кінулася туды нейкае страшыдла. Тубі аж адхіснуўся, але зараз жа сцяміў, што гэта яго таварыш. Той ужо працягваў руку да каменьчыка.
У галаве Тубі агнём бліснула думка, што калі ён упусціць, дык атрымае бізуна.
Ён напружыўся, штурхануў таварыша і выхапіў каменьчык у яго з-пад носа.
Выйшлі на бераг, падалі настаўніку каменьчыкі. Падаў і той хлопчык, але...
— Не той! — зароў настаўнік.— Ты сляпы, ці што? Дык я цябе навучу добра глядзець.
I на цёмнай спіне хлопчыка з'явіўся спачатку белы, а потым чорны шрам.
Заліўся хлопчык слязьмі, а следам за ім і Тубі.
— Чаго ж ты, дурань, равеш? — кажа яму настаўнік.
Але не мог Тубі сказаць, што тэты ўдар яго таварыш атрымаў праз яго, Тубі.
Навука ішла шмат тыдняў, месяцаў.
Каменьчыкі кідаліся ўсё глыбей і глыбей. Потым яны рабіліся ўсё меншыя. Потым сталі кідаць чарапашкі, якія так цяжка было разгледзець у вадзе.
I чым цяжэйшымі рабіліся заданні, тым часцей сыпаліся бізуны...
Скончылі першы клас, перайшлі ў другі. Трэба было навучыцца як мага болей трымацца пад вадой.
Выехалі на лодцы ў мора. Спусцілі якар, а да яго прывязалі кошык. Трэба было адным духам адвязаць пад вадой кошык і вынесці на паверхню. Вузлы спачатку былі простыл, а потым усё хітрэйшыя і хітрэйшыя...
I бізуны сталі ўсё часцейшыя і часцейшыя...
Нырнуў Тубі, пачаў адвязваць кошык. Спяшаецца, рукі дрыжаць, а духу ўжо не хапае. Яшчэ трымаецца секунду, другую; кошык вось-вось будзе адвязаны, але ўжо ў галаве памуцілася, у вушах звініць, ужо вада ў нос набіраецца.
«Не, не магу. Хай сабе б'е».
I ён кідае ў той момант, калі кошык быў, можна сказаць, ужо адвязаны. Але настаўнік яго не біў. Во Тубі зваліўся на дно лодкі ў непрытомнасці, і з носа яго, як калісьці ў яго бацькі, паказалася кроў...
Вучэнне скончылася. Тубі мае дванаццаць год і ўжо можа падзарабляць. Праўда, не столькі, як дарослы, але яго больш ахвотна бяруць, бо навуку скончыў ён першым.
Прадуе ён на меншай глыбіні, бліжэй да берага. Не толькі таму, што ён не можа ныраць там, далей, а яшчэ і таму, што небяспечна. Дарослыя апрача кошыка бяруць з сабою яшчэ вялікі нож, а хлопчыкі за іх спіною могуць і без зброі быць.
Прычапіў сабе Тубі кошык, узяў у рукі вялікі камень, каб хутчэй і лягчэй пайсці на дно, і нырнуў на дванаццаць метраў у глыбіню. (Дарослыя апускаюцца нават на дваццаць метраў.)
Вось ён на дне. Але не роўны пясочак там, а скалы, чорныя, кашлатыя, аброслыя слізкай расліннасцю. Святла ўжо меней даходзіць сюды, паміж скал нейкія чорныя яміны, дзе варушыцца нешта скручанае, свеціцца нейкае вока.