На крызе

У канцы вёскі быў мост цераз раку Свіслач. Ля гэтага моста калісьці стаяў вадзяны млын. Але цяпер ад яго пазаставаліся толькі абгарэлыя слупы. Вада бурна імчала пад мостам, а далей направа і налева адыходзілі маленькія струменьчыкі і ціхенька закручваліся ў завадзі.
Тут заўсёды на паверхні вады збіралася многа ўсялякага ламачча, травы, саломы. Аднаго разу Мікітка знайшоў нават драўляную качку. Качка, відаць, прыплыла з далёкага горада, дзе яе згубіла якое-небудзь малое дзіця.
Але карысныя рэчы трапляліся вельмі рэдка; больш плыло смецце, якое псавала прыгожую, ціхую завадзь. Улетку дзеці любілі кіямі выштурхваць гэтае смецце з завадзі на раку. Да чаго ж весела было наглядаць, як струмень падхопіць выштурхнутую ламачыну, пачне круціць і панясе далёка-далёка...
Мікітка часцей за другіх праводзіў час ля моста. Нават цяпер, увесну, у самы ледаход, ён цэлыя дні бавіўся тут.
— Што ты сабе думаеш? — казала яму маці.— Ты ж з гэтымі крыгамі ў ваду трапіш,
— Не, не траплю! — упэўнена адказваў Мікітка. Пакуль лёд ішоў густа, пакуль крыгі лезлі адна
на адну, трашчалі і крышыліся, Мікітка не мог прыняць у гэтай справе ніякагаўдзелу. Ён мог толькі з цікавасцю наглядаць страшны рух. Але хутка лёд парадзеў, крыгі паплылі па воднай прасторы вольна, легка і часамі пачалі затрымлівацца ў ціхай завадзі. Хіба можна тут утрымацца і не выштурхнуць вялізную крыгу на струмень? 3 ёю мець справу куды цікавей, чым з нейкім там смеццем.
Мікітка, стоячы на беразе, вельмі старанна рэгуляваў рух крыгаў. Як толькі спыніцца якая ў завадзі, ён зараз жа і выганіць яе адсюль кіем.
Але вось з-пад моста выйшла вялікая, тоўстая крыга, прайшла каля самай завадзі і прыпынілася. Падумала, падумала трохі — ды і пачала ціхенька заварочвацца ў завадзь, да берага, і нарэшце так ёмка ўсталявалася, што можна было падумаць, нібы яна ўсю зіму тут жыла.
Крыга закрыла сабой усю завадзь. Адштурхнуць яе Мікітка не меў сілы. Ды і не адштурхваць, а ўзабрацца на яе захацелася Мікітку. Асцярожненька ступіў ён на крыгу адной нагой, другой — тая нават не зварухнулася. Значыць, можна было на ёй адчуваць сябе спакойна.
I Мікітка адчуў сябе на ёй так спакойна, як на беразе. I гэтак жа, як з берага, стаў рэгуляваць рух іншых крыгаў. Цяпер ужо ён мог зачапіць крыгу, якая ішла міма, прыцягнуць яе, сутыкнуць з другой і пацяшацца, як яны стукаюцца лбамі.
А калі ён падцягваў да сябе крыгу, то гэтым самым адцягваў ад берага і тую, на якой сам стаяў. Патроху яна пачала адсоўвацца ад берага... Але Мікітка так захапіўся сваей гульнёй, што зусім гэтага не заўважыў.
А калі заўважыў, то яго крыга ўжо больш як на метр ад'ехала ад берага. Закрычаў Мікітка, пачаў кідацца туды, сюды, але дарэмна: крыгу падхапіла плынь і панесла.
Пачуць Мікітку з вёскі ніхто не мог, бо хаты былі не так блізка і несла яго зуеім у другі бок. Заставалася адна надзея, што ўбачыць і пачуе яго хто-небудзь у полі. Але хто ў такое разводдзе будзе хадзіць па полі, воддаль ад дарогі і хат?
Спачатку Мікітка доўга крычаў і плакаў, а потым убачыў, што плач яго ніяк дапамагчы не можа, і сцішыўся. Тым больш што страху пакуль што ніякага не было. Крыга была вялікая, тоўстая і зусім легка трымала на сабе малога Мікітку. Вазіла яна свайго пасажыра не толькі па рацэ, але і па сенажаці, па балоце, па алешніку. Вось тут ён улетку за матылямі ганяўся, там сярод кустоў знайшоў птушынае гняздо, а цяпер ён едзе над усімі гэтымі мясцінамі, як Папанін, на крызе.
Але нядоўгае было такое шчасце. Крыга зачапілася за алешыну і прыпынілася. У гэтую мінуту ззаду наехала на яе другая крыга і штурханула так, што Мікітка паляцеў дагары нагамі. А калі ён устаў, то ўбачыў, што ад яго крыгі засталася толькі палавіна. Гэтая палавіна паплыла далей, але ўжо не так спакойна, як раней. Ад кожнага руху хлопчыка яна гайдалася і гатова была перакуліцца. Мікітка ўжо баяўся стаяць; ён сеў на лёд і дрыжаў ад страху. Зноў пацяклі ў яго слёзы, зноў пачаў ён крычаць — і зноў ніякага адказу.
Веска засталася далека ззаду. 3 правага берага ішлі шырокія палі з бел ымі плямамі снегу, з левага — залітыя вадою паплавы, за якімі пачынаўся лес. Наўрад ці мог тут дзе быць чалавек.
Аднак адзін чалавек знайшоўся, ды толькі... у небе! За дзесятак кіламетраў ад вёскі быў аэрадром, і жыхары прывыклі, што над імі бадай кожны дзень кружацца вучэбныя самалёты. На іх нават перасталі звяртаць увагу. Але на гэты раз Мікітка падняў угару і вочы, і рукі і нават закрычаў:
— Дзядзечка, дапамажы!