На крызе

Вядома, хлопчык разумеў, што лётчык не толькі пачуць яго не можа, але наўрад ці і ўбачыць. Але ў такую мінуту было не да разважанняў.
Лётчык праляцеў міма досыць нізка. Праз мінуту ён вярнуўся і праляцеў яшчэ ніжэй. Потым паляцеў у вёску ды як загудзе над самымі хатамі — ледзь стрэхі не пазрываў. Людзі павыскаквалі з хат, глядзяць, дзівяцца. А самалёт паляцеў назад і праляцеў над Мікіткавай галавой. Сотні вачэй накіраваліся ў гэты бок, але з вёскі ніхто не мог убачыць хлопчыка на крызе.
Самалёт зноў завярнуўся да вёскі, зноў праляцеў над хатамі, і тады людзі ўбачылі, што лётчык высунуў руку і махнуў ёю.
— Глядзіце, глядзіце, нешта кінуў! — пачуліся крыкі.— Бяжыце, лавіце!
На зямлю ляцела нешта маленькае, чорнае. Дзеці мігам злавілі яго. Гэта была рукавіца, а ў ёй запіска:
«Хлопчык на крызе».
Самалёт тым часам зноў пачаў кружыцца над тым месцам, дзе плыў Мікітка, а потым паляцеў далей.
Пакуль самалёт лятаў вакол яго, хлопчык меў надзею, што лётчык яго ўбачыў і хоча дапамагчы. А калі самалёт паляцеў, то Мікітку зноў ахапіў жах. За гэты час ад яго крыгі адламаўся яшчэ адзін кавалак, і цяпер яна так хісталася ад кожнага руху хлопчыка, што магла перакуліцца кожную мінуту. Мікітка лёг на крыгу і прыціснуўся да яе, дранцвеючы ад холаду. Увесь свет яму здаўся цёмным, пустым. Шкада яму стала сябе самога, і ён затросся ад плачу.
Вось наперадзе плыве вялізная крыга. Яна чапляецца за кусты, затрымліваецца, нязграбна паварочваецца, зноў плыве, зноў чапляецца. Малая Мікіткава крыга плыве хутчэй, яна павінна дагнаць вялікую. Калі стукнецца, што тады будзе?..
«А што, каб пераскочыць на яе?» — мільганула ў галаве думка.
Мікітка перастаў плакаць, пачаў прыглядацца, меркаваць: можна пераскочыць... не дапусціць, каб яны стукнуліся, а то гэтая раскрышыцца ці перакуліцца... Трэба падрыхтавацца, падпільнаваць і скокнуць...
Страх прайшоў. Не адчувалася і холаду. Усе думкі Мікіткі накіраваліся на другое. Ён прыўзняўся, рыхтуючыся скокнуць,— крыга пагражальна закалыхалася. Нічога, трэба толькі спакайней трымацца.
Да вялікай крыгі засталося паўметра, меней, меней... раз! — і Мікітка, адштурхнуўшы нагамі сваю крыгу, бразнуўся на вялікую. Тая толькі трошкі нахілілася.
Мікітка аж засмяяўся ад радасці: здорава ён скокнуў! На гэтай крызе можна і да берага даехаць. А калі яна паламаецца, то па дарозе можна натрапіць на другую такую самую. Або трапіцца дрэва якое ці астравок. Нарэшце, тут і неглыбока — паплавы, пешшу можна дайсці. Ды і наогул нічога страшнага няма. Чаго ён, дурны, баяўся і плакаў?
...Калі пад'ехалі людзі, то са здзіўленнем убачылі, што Мікітка адчувае сябе як дома — спакойны, вясёлы, нібы з ім нічога асаблівага не здарылася.
Ні яны, ні сам Мікітка не ведалі, што такім ён стаў тады, калі забыўся на страх ды пачаў разважаць і дзейнічаць.