Палескія рабінзоны, 1 частка

Дома не толькі добра паснедалі, але і назапасілі рыбы. Частку засмажылі, а частку падкурылі ды павесілі сушыцца.
Заставалася яшчэ больш гадзіны да поўдня, калі яны рушылі ў дарогу.
Хутка дайшлі да таго месца, дзе спыніліся ўчора, і зноў пачалі свой абход. І зноў пачалася тая самая пакута, зноў пасоўваліся наперад, у балота, і зноў вярталіся назад. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе першы раз яны далёка падаліся ў балота.
– Апошняя надзея… – прамовіў Мірон.
Энергічна і ўпэўнена пайшлі хлопцы наперад. Вось ужо і тое месца, дзе яны прымушаны былі павярнуць назад. Далей, дзе раней была вада, цяпер засталося толькі балота.
– Смялей! Смялей! – падбадзёрвалі яны адзін аднаго.
Чапляліся за дрэўцы, пераскаквалі з купінкі на купінку, часам загразалі ў багавінні па пояс, памагалі адзін аднаму. Так яны ўсё пасоўваліся ды пасоўваліся наперад і, нарэшце, вылезлі на сухі бераг.
Уздых вырваўся з грудзей, нібы яны з духаты выйшлі на свежае паветра.
– Вылезлі з гэтага праклятага балота! Хутчэй да якой-небудзь вёскі! Хлеба, хлеба пакаштаваць бы!
Яны павярнулі налева, на поўдзень, і шпарка пайшлі наперад. Лес здаваўся такім самым, як і на іх востраве, мясцовасць нават была вышэйшай, што вельмі цешыла хлопцаў. Калі прайшлі кіламетры са два, то… зноў уткнуліся ў балота!
– Няўжо ж такое самае?! – з жахам сказаў Віктар.
– Наўрад, мясцовасць навокал іншая, вышэйшая, – абнадзеіў Мірон.
Смела рушылі наперад, але хутка павінны былі вярнуцца. Прайшлі з паўкіламетра ўдоўж, зноў паспрабавалі, – і зноў такая ж дрыгва.
Сэрцы сціснуліся ў хлопцаў. Няўжо ж пачнецца тое самае? Сцяўшы зубы, кідаліся яны ва ўсе бакі і кожны раз павінны былі адыходзіць. Яны забыліся на зморанасць, на голад, напружвалі апошнія сілы, але дрыгва няўмольна прымушала іх паварочваць усё направа ды направа, пакуль ужо цямком не апынуліся яны на тым самым месцы, дзе выйшлі з балота.
Віктар кінуўся на зямлю і прыціснуўся да яе тварам. Мірон стаяў, апусціўшы рукі, і нейкімі дурнымі вачыма глядзеў у адну кропку.
– Выйсця няма! У пастцы! – прашаптаў ён нарэшце.
– Відаць, загінуць прыйдзецца тут, – прастагнаў Віктар.
Цямнела. Вечар быў цёплы, ціхі. Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Але нашыя хлопцы нічога гэтага не адчувалі, не заўважалі. Перш за ўсё ім вельмі хацелася адпачыць. Яны ж страцілі апошнія сілы ў гэтым змаганні за вызваленне. Яны хацелі б праляжаць тут усю ноч, каб назаўтра зноў паспрабаваць вырвацца. Але…
– Слухай, Віктар! – прамовіў Мірон нейкім глухім голасам. – Мы павінны зараз жа вярнуцца назад, бо іначай застанемся без агню.
Віктар прыпадняўся, правёў рукою па лбе, страсянуўся і ўскочыў на ногі.
– Але, – сказаў ён. – Трэба змагацца.
І яны моўчкі пайшлі назад у балота, уначы…
Не будзем апісваць гэтую жудасную дарогу. Скажам толькі, што вярнуліся яны назад, нібы пастарэўшы на некалькі гадоў. Кожны з іх бачыў смерць, загразаў у багавінні па шыю. Правялі ў балоце гадзіны чатыры і выратаваліся толькі таму, што адзін аднаму памаглі.
Дацягнуліся да стаянкі бадай што непрытомнымі. Ледзь раздзьмухалі апошнія вугольчыкі, распалілі вялікі агонь і паснулі каля яго. Не залазілі нават у сваю будку.
Гэта была іхняя дзесятая ноч на востраве…
А ў сне яны бачылі кожны па-свойму свае хаты, сям'ю. Ім было так добра, утульна, цёпла, толькі з акна ці дзвярэй дзьмуў халодны вецер.
Прымусовае чаканне. – На пашы. – Жаба-птушка. – Хатні настрой. – Чалавек.
Спачатку іх грэў і сушыў агонь, а потым – сонца.
У сне яны паварочваліся да цяпла то адным, то другім бокам, пакуль не высахлі з усёй сваёй граззю. Спалі вельмі доўга, аднаўляючы сілы.
Першым прачнуўся Мірон і зараз жа кінуўся да вогнішча. Калі агонь зноў запалаў, Мірон сеў на зямлю, абхапіў рукамі свае худыя калені і задумаўся…
Праз некаторы час усхапіўся Віктар, паглядзеў на Мірона з такім выглядам, нібы зусім не чакаў яго тут сустрэць, і пачаў чухацца так, што пыл пайшоў ад яго, нібы дым ад вогнішча.
– А сёння я быў дома! – сказаў ён нарэшце.
– І я таксама, – задуменна адказаў Мірон. – Сёння пачаліся ў нас заняткі. Сёння нашы бацькі зусім ужо ўстрывожыліся. Сёння пачнуць нас усюды шукаць, толькі не тут…
– Можа, які сігнал можна даць? – сказаў Віктар.
– Каму ты дасі праз некалькі кіламетраў балот ды лясоў? – адказаў Мірон. – Я думаю, нам варта перасяліцца на той востраў, дзе мы ўчора былі. Усё ж такі бліжэй да людзей.