Палескія рабінзоны, 1 частка

Прачнуліся на світанні, праспаўшы гадзін адзінаццаць. Затое зноў адчувалі сябе бадзёрымі і вясёлымі. Толькі голад даваў сябе знаць.
Ускінулі на плечы свае дубіны і бягом памчаліся да сажалкі. Наперадзе шпарка бег Віктар, ззаду дыбаў Мірон. Беглі яны па дарозе, якую добра ведалі, таму нават не глядзелі вакол сябе. Вось кусты па беразе іх сажалкі; Віктар ужо абмінуў куст…
Але ў гэты момант адбылося нешта такое, чаго Мірон зусім уразумець не мог.
Пачуўся крык, рэў, стук, і насустрач Мірону выскачыў бледны, бяззбройны Віктар.
– Уцякай! – паспеў ён толькі крыкнуць і паляцеў як страла.
Мірон нават і сам не заўважыў, як ужо імчаўся следам за Віктарам.
Вецер свісцеў у вушах, галіны сцёбалі па твары, а яны ўсё ляцелі ды ляцелі. Азірнуўся быў Мірон назад, нічога не заўважыў, але не адставаў ад Віктара. Толькі каля вогнішча спыніўся Віктар і пачаў углядацца назад.
– Што… такое? – задыхаўшыся, спытаўся Мірон.
– Мядзведзь! – коратка адказаў Віктар.
Але як яны абодва ні прыглядаліся, нікога не было відаць.
– А можа, табе толькі здалося? – насмешліва сказаў Мірон.
– Добра здалося, калі я сам стукнуў яго па галаве! – адказаў Віктар сур'ёзна.
Потым, прыгінаючыся, пачаў красціся наперад. Рушыў за ім і Мірон. Крокаў пяцьдзесят пасунуліся яны і нічога не заўважылі. Тады толькі Віктар супакоіўся.
– Я быў упэўнены, што мядзведзь за намі гоніцца, – прамовіў ён з палёгкай.
– Ды раскажы ты толкам, у чым справа? – нецярпліва запытаў Мірон.
– А вось калі я заскочыў за куст, дык трапіў акурат у лапы да мядзведзя. Сажалка высахла, засталося толькі балота, а ў ім бялела шмат рыбы. Вось мядзведзь і капашыўся там, падбіраў нашую рыбку. Мусіць, таму ён і не пачуў нас, што быў заняты гэтай справай. Я з разгону так і паляцеў на яго. Ён мігам выпрастаўся, стаў на заднія лапы і павярнуўся да мяне. У бяспамяцці я стукнуў сваёй булавой яму па мордзе. Ён зароў і ўхапіўся лапамі за вочы. Відаць, я трапіў яму ў вока. Булава вывалілася з рук, і я паляцеў назад. Вось і ўсё.
– Во як? – сказаў Мірон. – Дык гэта не жарты?
– Добрыя жарты – трапіць мядзведзю ў лапы з адным толькі кіем.
– А ведаеш што? – засмяяўся Мірон. – Гэта ж вожык нас выратаваў. Калючкі папсавалі мядзведзю вока, вось яму і не было як гнацца за намі. А простым кіем ты не мог бы выбіць яму вока.
– Я ж табе казаў: падавай на маю булаву ўсіх звяроў, нават сланоў і кракадзілаў! – сказаў Віктар і ўзяўся ў бокі.
– Ой, не хваліся, герой! – паківаў яму пальцам Мірон. – Прыпомні, як ты, збялелы, бяззбройны, ляцеў ад яго.
– А ты нават і не ведаў чаго, але таксама ляцеў!
І абодва героі весела засмяяліся.
Праз паўгадзіны пайшлі назад. Чым болей набліжаліся да сажалкі, тым болей напружваліся. Чатыры вокі пільна ўглядаліся ў кусты, чатыры вухі не прапускалі аніводнага гуку. Кожны момант хлопцы гатовы былі драпануць назад.
Такім чынам падкраліся да самага берага і ўбачылі балотца з невялікімі лужынкамі, здохлую, паўжывую і жывую рыбу, сляды мядзведзя, а побач булаву. Ніякіх адзнак, што быў паблізу і сам мядзведзь, не было.
Калі падышлі бліжэй ды паднялі дубіну, то заўважылі на ёй сляды зубоў.
– Відаць, ад злосці кінуўся на дубіну, – заўважыў Віктар. – Калі за намі не пагнаўся, дык пэўна застаўся без вока.
– Нажылі мы цяпер суседа-ворага, – сказаў Мірон.
– Дармо! Ён сам цяпер будзе баяцца нас. Наконт гэтага можна быць спакойным. Наогул мядзведзь сам не нападае на чалавека, а на двух – тым болей.
Набралі хлопцы рыбы колькі ўлезла і накіраваліся дадому.
– Апошняя рыба, – сумна сказаў Мірон. – Калі не выберамся заўтра, паслязаўтра, то дрэнная будзе справа.
– А мы зараз жа пасля снедання пойдзем, – адказаў Віктар.
Ён цяпер больш за ўсё цешыўся са сваёй булавы.
– Гістарычная зброя! – казаў ён. – Нават са слядамі мядзведжых зубоў. У музей аддам яе.