Палескія рабінзоны, 1 частка

Паглядзелі адзін на аднаго – і рукамі развялі.
– Куды ж яны падзеліся? Хлеўчык жа цэлы!
Агледзелі навокал усю будову і заўважылі каля зямлі досыць вялікую дзіру.
– Гэта ж барсукі зрабілі! – крыкнуў Мірон. – А за імі і цецерукі паўцякалі. Як мы маглі гэтага не прадугледзець? Нават і ты, спец па заалогіі, не прадбачыў.
Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым.
– І то праўда, – прамовіў ён. – Калі яны рыюць сабе норы, значыцца, маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Але ў такой справе ніякіх спецыяльных ведаў не трэба: ты сам мог гэта добра ведаць, але вось не падумаў.
– Я ж казаў, што не трэба было важдацца з імі, – злосна адказаў Мірон. – Ніякай карысці ад іх няма. Трымаць іх для пацехі ў нашым становішчы зусім лішняе. А цяперака праз іх цецерукі ўцяклі. Вось табе і жывёлагадоўля!
– А ўсё ж пра гэта ты і сам не думаў, – апраўдваўся Віктар. – Каб сказаў, зусім іншая была б справа. Няма чаго вінаваціць другога. Сам дапамагаў. Другі раз будзем разумнейшымі.
– Чакай цяпер другога разу!
Паахкалі, павохкалі, але дапамагчы справе нічым не маглі. А паколькі ў «сажалцы» хапала рыбы, то вялікай бяды пакуль што не было. Праз некалькі хвілін нават пачалі жартаваць.
– У другі раз для кожнай пароды жывёлы будзем рабіць асобныя, спецыяльныя, прыстасаваныя памяшканні, – суцяшаў Віктар. – А пакуль што давай ляпіць гаршчок.
– А ты ведаеш, як ляпіць? – запытаўся Мірон з трывогай.
– Хто з нас калісьці не ляпіў? – бесклапотна адказаў Віктар. – Нездарма кажуць: не святыя гаршкі лепяць.
– Тут не ляпіць, а круціць трэба, – пахмура адказаў Мірон.
– Давай круціць – усё роўна. Ты, мусіць, добра ведаеш гэтую справу?
– Чаму ж так я? – здзівіўся Мірон.
– Ды ты ж сам надоечы апяваў гліну, паэму дэкламаваў.
Мірон паскроб патыліцу.
– Паэма паэмай, – прамовіў ён, – а як робяцца гаршкі, я не бачыў. Неяк не траплялася. Справа лічыцца такой простай, што, я думаў, не варта спецыяльна наглядаць, вывучаць яе. Можа, ты часам бачыў?
– І я не бачыў! – з камічнай мінай адказаў Віктар. – Таксама не цікавіўся гэтай прымітыўнай прамысловасцю. Усе дзікуны ўмеюць гэта рабіць. Я нават недзе чытаў, што егіпцяне чатыры тысячы гадоў назад выдумалі нейкую прыладу для гэтай вытворчасці. Але, я думаю, зляпіць абы-які гаршчок можна і без усякай прылады.
– Паспрабуем, – панура адказаў Мірон.
Як ён цяпер шкадаваў, што не пацікавіўся гэтай справай! Яму таксама даводзілася чытаць, ён меў нават некаторыя тэарэтычныя веды, але як узяцца за справу – не ведаў.
Намачылі, размясілі гліну. Пусцілі ў ход і сваю чарапаху для вады. І пачалі ляпіць, як гэта робяць маленькія дзеці. Маленькія, нязграбныя місачкі сяк-так выходзілі, але ім не гэта трэба было, а гаршчок, прынамсі, хоць на літр. Такую пасудзіну трэба было злепліваць з кавалкаў, а тады ўжо адразу было відаць, што ў злепленых месцах будзе шчарбіна.
Стараліся хлопцы так, што аж пот капаў. Шмат разоў нанава камячылі свае «гаршкі».
– Вось табе і «не святыя гаршкі лепяць»! – злаваў Віктар. – Выходзіць, наадварот: якраз святым трэба быць у гэтай справе.
– Або дзікуном, – дадаў Мірон.
Нарэшце кожны з іх зляпіў па невялічкаму «гаршку», але, глянуўшы на сваю працу, хлопцы толькі насамі паківалі.
– Яны адразу распаўзаюцца, калі пачнуць сохнуць. А іх яшчэ трэба абпальваць, каб ужываць. Вось табе і прымітыўная вытворчасць! – прамовіў Віктар.
– Не, відаць, не абысціся без ганчарнага кола! – рашуча сказаў Мірон.
– Вось чаго захацеў: колы, машыны!
– Якую-небудзь круцёлку, абавязкова трэба прыдумаць. Тады шчыльней зліпнуцца часткі гліны. Зараз я пашукаю што-небудзь.
Праз некалькі хвілін Мірон прынёс досыць тоўсты круглы кавалак дрэва, абсмаліў, абскроб яго.
– Цяпер, – сказаў ён, – паставім гэтую штуку старчма. Ты будзеш круціць яе, а я зверху палажу камяк гліны. У кожным разе павінна выйсці нешта, не горшае за гэтае чарап'ё.
Падышлі бліжэй да вады, прыладзіліся. Было б нішто сабе, але канец хістаўся ад рухаў Віктара. Тады зрабілі вілкі, каб «машына» не хісталася.
Нарэшце, пасля доўгай пакуты, нешта зрабілі. Але гэтае «нешта» вельмі мала нагадвала гаршчок.
– Што ён нязграбны – гэта не бяда, – казаў «майстар» Мірон.