Палескія рабінзоны, 1 частка

– Ты не кажы пра яе з такой знявагай, – сказаў Мірон. – Мы прывыклі так на яе глядзець толькі таму, што яе ў нас шмат, ды мы яе не выкарыстоўваем як належыць. На ёй можна развіць вытворчасць цэглы, чарапіцы, падземных труб. Хай замест драўляных дамоў усюды будуць камяніцы; хай замест саламяных і нават іржавых жалезных дахаў усюды будуць чарапічныя; хай усюды будуць пракладзены трубы для вады, каналізацыі, асушкі зямлі – і тады ўбачыш, што такое гліна.
Узялі на плечы свае дубіны і пайшлі. У Віктара аж рукі свярбелі, калі ён браў сваю «вожыкавую булаву».
– Эх, каб трапіць на якога добрага ворага! – казаў ён.
– Не надта рызыкуй, – стрымліваў Мірон. – Не думай, што твае калючкі небяспечныя для ўсіх.
Бліжэйшыя месцы былі ім ужо знаёмы, таму яны накіраваліся глыбей у лес. Пасля змрочнага бору, бадай што аднолькавага ва ўсе поры года, яны выйшлі ў шырокую сонечную зялёную лагчыну. Трава тут ужо вырасла настолькі, што хоць касі яе. Бяроза, альха, арэшнік, крушына шамацелі сваімі лісцямі, як улетку. То тут, то там над імі ўзвышаліся дубы, ліпы або адзінокія сосны з шырокімі верхавінамі. Здавалася, і сонца тут грэе мацней, чым там, на беразе.
Хоць нашы хлопцы і не думалі любавацца прыродай, але мімаволі спыніліся перад такім хараством і моўчкі пачалі азірацца. А праз некалькі хвілін пачулі, што ў кустах нехта… папярхнуўся і закашляўся. Сэрцы таварышаў моцна закалаціліся.
– Чалавек?!
Яны кінуліся ў той бок і… выгналі лёгкую прыгожую казулю.
– Няўжо гэта яна кашляла? – з крыўдай спытаў Мірон.
– А то хто ж? – панура адказаў Віктар, нібы ён быў вінаваты ў гэтай памылцы.
На некаторы час настрой хлопцаў быў сапсаваны…
Доўга яны блыталіся па лесе, заглядалі ў кожны куток, спуджвалі сваіх знаёмых суседзяў. Зноў бачылі дзіка і зноў пастараліся схавацца ад яго, хоць Віктар і гатоў быў уступіць з ім у бойку.
– Наогул я лічу, – разважаў ён, – што дарма кажуць і пішуць пра ўсялякія лясныя жахі. Вазьмі ты хоць гэтага дзіка: свіння і толькі, і нічога жудаснага няма, нават сам баіцца нас.
– Ты ж ведаеш, што і леў і тыгр ухіляюцца людзей, але ж ніхто не скажа, што яны не небяспечныя, – даводзіў Мірон.
Аднаго разу з кустоў выбегла і спынілася, задраўшы галаву, новая жывёла.
– Ці не сабака? – усцешыўся Мірон.
– Не, воўк! – адказаў Віктар і мацней сціснуў сваю булаву.
Воўк ляснуў зубамі і знік.
– Вось з гэтым дык мы маглі б справіцца са сваімі дубінамі, – сказаў Віктар. – Шкада, што ён не напаў на нас. Яны нападаюць толькі тады, калі іх шмат.
Нарэшце хлопцы натрапілі на адзін абрыў, дзе з-пад пяску відаць была гліна. Накапалі яе і пайшлі назад.
Па дарозе зацікавіліся адной нарой.
– Мусіць, лісіная, – заўважыў Мірон.
– Мабыць, так, – сказаў Віктар, прыглядаючыся да нары і слядоў, – але штосьці яна крыху завялікая. Пашукаем навокал другіх выхадаў.
І сапраўды, у розных месцах знайшлі яшчэ тры выхады.
– Вернемся сюды і паспрабуем выкурыць яе дымам, – прапанаваў Віктар. – Адзін стане каля аднаго выхада і будзе пільнаваць, другі будзе выкурваць праз другі выхад, а рэшту завалім.
– Добра! – згадзіўся Мірон.
Аднеслі гліну і зараз жа вярнуліся да гэтага самага месца з агнём.
Каля ніжэйшай, шырокай дзіры падрыхтавалі вогнішча, для ліса пакінулі самы далёкі выхад, а рэшту засыпалі і запхалі ламаччам.
– Пачакай, – сказаў Віктар. – Трэба добра пашукаць, бо могуць яшчэ быць выхады. Тады ўся наша праца будзе дарэмнай.
Пасля доўгага стараннага шукання сапраўды знайшоўся яшчэ адзін выхад.
– Ну, цяпер можна пачынаць, – сказаў Віктар. – Ты раскладай агонь, а я там буду пільнаваць.
Мірон разгроб нару шырэй, глыбей, так, каб агонь быў пад верхнім пластом зямлі, і падпаліў. Калі разгарэлася, Мірон пачаў кідаць вільготнае старое лісце, трухлявае галлё. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў усярэдзіну.
– Што рабіць? – крыкнуў ён Віктару. – Дым не ідзе ў нару.
– Нічога! – адгукнуўся той. – Частка яго трапляе! Дзьмухай!
Мірон пачаў дзьмухаць. Справа пайшла лепш: і лепш гарэла, і дым уганяўся ўсярэдзіну.