Палескія рабінзоны, 1 частка

Пайшлі, выкалупалі ў бярозе дзірку. Але як падставіць сваю пасудзіну, калі яна з накрыўкай?
Мірон уціснуў у дзірку галінку, а другі канец прасунуў у чарапаху.
– Хоць і марудна пойдзе і прападзе частка соку, але да раніцы набярэцца, – сказаў ён.
Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу.
– Што гэта такое? – здзівіўся Мірон. – Ні птушка, ні кажан, ні вавёрка. Здаецца, поўсць нейкага шызага колеру. Ну, спец, растлумач.
Жывёла нязграбна поркалася ў вілаваціне бярозы. Віктар прыгледзеўся.
– Гэта ляцяга, або лятучая вавёрка, – сказаў ён нарэшце. – Хоць яна і значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень яна звычайна сядзіць у сваім гняздзе.
– Колькі тут рознага звяр'я, якога нават і не ведаеш, – паціснуў плячыма Мірон.
– Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, – сказаў Віктар, – тады і нам не прыйшлося б тут сядзець.
– Чаму так?
– Вельмі проста. Калі тут многа звяроў, значыць, рэдка бываюць людзі, значыць, дабрацца сюды цяжка… А таксама і выбрацца, – дадаў Віктар.
«Крэ-крэк», – пачуўся недзе голас драча.
– І ён тут! – здзівіўся Мірон. – Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце.
– Гэта, мусіць, падарожны, – аўтарытэтна сказаў Віктар. – Відаць, толькі што прыйшоў з Афрыкі.
– Як гэта «прыйшоў»? – здзівіўся Мірон.
– Ды прыпёр пехатою і ўсё.
– З Афрыкі?
– Але.
Мірон зарагатаў.
– Ты не рагачы, я кажу сур'ёзна. Сам у кнізе чытаў. Яны дрэнна лятаюць і не любяць ляцець. Таму і лічаць за лепшае ісці і тады толькі падымаюцца, калі на дарозе вада ці іншая перашкода.
Мірон павінен быў паверыць, але доўга яшчэ смяяўся з гэтага дзіўнага пешахода.
– Усё было б нішто, – казаў Віктар, калі яны паляглі ў сваёй будцы, – але накрыцца няма чым. Уначы халаднавата бывае.
– Затое гэта прымушае вылазіць і падтрымліваць агонь, – адказаў Мірон. – А іначай ён калі-небудзь можа і загаснуць.
Салодкі чай. – Лекцыі Мірона. – Важная пані. – Драпежнік на рыбалцы. – Арэна для бойкі. – І змяя спатрэбілася. – Байцы ў палоне.
Раніцою пайшлі па «чай». Чарапашына была поўная, нават праз верх палілося. З якой прыемнасцю выпілі свежага салодкага соку!
– Адразу, здаецца, адчуў сябе мацней, – заўважыў Віктар.
– Яно так і павінна быць, – сказаў Мірон. – Тут ёсць цукар, які карыснейшы за мяса. Яго якраз і не хапала для нашых арганізмаў. Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы.
– Во! Гэта дарэчы! – перакруціўся на адной назе Віктар. – Я ўжо адчуваю сябе больш разумным і гатоў зараз жа распачаць культработу сярод тутэйшых жыхароў – зайцоў, вожыкаў, чарапах.
– Па тваёй балбатні не відаць, каб ты зрабіўся больш разумным, – упікнуў Мірон, але Віктар не пакрыўдзіўся.
Паставілі чарапашыну на месца і накіраваліся да сваёй рыбнай гаспадаркі. Дарога была знаёмая, ішла галоўным чынам уздоўж берага, звяроў тут хлопцы не чакалі, таму маглі больш увагі звярнуць на некаторыя цікавыя расліны, якіх да гэтага часу не заўважалі. Прыйшоў чарод Мірону паказаць свае веды.
Ужо праз сотню крокаў Віктар зацікавіўся высокай хвояй з шараватаю гладкай карою і шызымі ігламі.
– Што гэта такое? – запытаўся ён. – Здаецца, ні сасна, ні елка.
– Ельніца, – адказаў Мірон. – Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія дзве сінявата-белыя палоскі. Шышкі падобныя да яловых, але больш тупыя.
– Дык яны ж растуць у Сібіры! – здзівіўся Віктар.
– А вось, бачыш, ёсць і ў нас. А сібірская ельніца і росту меншага, і іглы і шышкі напалову меншыя.
Мірон быў задаволены, што выявіў столькі ведаў, але праз некаторы час ён апынуўся ў досыць непрыемным становішчы. Яны натрапілі на невялікае дрэва з нейкім дзіўным лісцем: не то хваёвыя іглы, не то звычайныя вузкія лісцікі. Дзве паловы ліста складалі нібы жалабок, а каля ліставой пазухі былі прычэплены шурпатыя галачкі.
– А гэта якое дрэва, хваёвае ці ліставое? – запытаўся Віктар, упэўнены, што Мірон ведае.