Палескія рабінзоны, 1 частка

Было яшчэ рана, не пазней за поўдзень. Часу заставалася досыць для гаспадарскай працы. Паабедалі рыбай, арэхамі і журавінамі.
Скуру змяі павесілі сушыцца, а з вожыка пачалі рабіць булаву. Але ж і папакутавалі, пакуль знялі з яго скуру сваім «нажом»! Скрывавілі ўсе чатыры рукі. Затое булава выйшла на славу! Толькі Мірон усумніўся ў ёй.
– Супраць чалавека, – сказаў ён, – лепшай і не трэба. А што ты зробіш са зверам? Для яго гэтыя іглы – нішто.
– А ўсё ж такі лепш, як голая дубіна, – цешыўся Віктар.
Цяпер, калі непасрэдная пагроза голаду адсунулася, яны мацней адчулі недахват адной дробязі – пасудзіны ці якога чарапка для вады. Увесь час ім прыходзілася піць жменямі, а калі вада спала, то зусім дрэнна зрабілася: часам да чыстай вады нельга было даступіцца так, каб дастаць яе абедзвюма рукамі, і даводзілася піць брудную.
– Гэткае глупства ды так перашкаджае! – злаваў Віктар. – Пойдзем шукаць гліны, можа, злепім які чарапок.
– Хадзем на рыбу і па дарозе пашукаем, – згадзіўся Мірон. – Да захаду сонца застаецца яшчэ гадзін з пяць.
Але не так лёгка было знайсці гліну, як гэта здавалася. То пяскі, то балота – а гліны ні знаку. Усё далей і далей зварочвалі яны ўбок. Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца. Хлопцы прыпыніліся і пачалі ціхенька красціся. Але чым больш набліжаліся, тым болей дзівіліся: гэты «нехта» не быў падобны ні на звера, ні на птушку. Проста штосьці круглае круцілася на месцы, станавілася рубам.
– Чарапаха! – прашаптаў Віктар.
Хлопцы спыніліся і пачалі наглядаць за ёй. Чарапаха была велічынёю з шапку. Яна неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася, каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што нічога не заўважала навакол. Хлопцы падпаўзлі зусім блізка.
– Што яна робіць? – прашаптаў Мірон.
– Ямку капае, каб пакласці туды яечкі, – шэптам адказаў Віктар.
– Ці не пачакаць, пакуль яна паложыць? Кажуць, яе яечкі вельмі смачныя.
– Можа, яны і сапраўды смачныя, – сказаў Віктар, – але і яна не дурная: яна ўмее зрабіць так, каб такія ласуны, як ты, іх не елі.
– Якім чынам?
– Вельмі проста: палажыўшы яйкі, яна мочыць іх нечым вельмі непрыемным.
– Не можа быць! Хто табе казаў?
– У кніжцы чытаў.
– Тады ўперад! На чарапаху! – крыкнуў Мірон.
Хлопцы выскачылі і схапілі бездапаможную жывёліну. Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр.
– Як жа да яе даступіцца? – казаў Віктар, варочаючы яе ў руках.
– Прыйдзецца праз дзірку закалоць.
З жалем выканалі яны гэты непрыемны абавязак.
– Я думаю, не трэба нам цяпер далей ісці, – сказаў Мірон. – Адразу маем і вячэру, і пасудзіну.
Вярнуліся дадому. Нялёгка было выцягнуць чарапаху з яе панцыра, але вячэру на гэты раз хлопцы мелі выключную. Пасудзіну таксама атрымалі добрую. Толькі крыху перашкаджаў ніжні, з чэрава, панцыр. Аднак Мірон лічыў, што гэта нават і лепш.
– Набіраць ваду і піць не перашкаджае, а разам з гэтым маем міску з накрыўкай.
– А ці нельга будзе ў ёй гатаваць ваду? – запытаўся Віктар. – Вельмі хочацца якога-небудзь чаю ці юшкі.
– Мусіць, нельга, бо яна рагавая і павінна смаліцца. Пачакай! – схамянуўся Мірон. – Мы ж можам мець чай, нават салодкі!
– Адкуль?
– Ды сок бярозавы!
– І як гэта нам раней у галаву не прыйшло! – пляснуў сябе па лбе Віктар. – Нават з бяросты можна было зрабіць пасудзіну для вады. Ах мы, дурныя!…
– Гэта ўжо такі закон чалавечага развіцця, – важна сказаў Мірон. – Спачатку ўся ўвага аддаецца на самыя галоўныя, першачарговыя патрэбы, а потым ужо чалавек можа падумаць пра іншае.
Сонца схілялася на захад.
– Пойдзем, паставім нанач нашу чарапаху, каб заўтра мець чай, – сказаў Мірон.