Палескія рабінзоны, 1 частка

Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі.
– Пакаштуй, якія яны смачныя, салодкія пасля зімы, – сказаў Мірон. – Шкада толькі, што гэтыя лясныя жыхары ўжо ласаваліся тут. І нам мала пакінулі.
З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку.
– Нічога, жыць можна, – з задавальненнем сказаў Віктар. – Але ўсё ж такі мушу сказаць, што ўвесь час адчуваю сябе галодным, і ў роце і ў жываце неяк нядобра. Хоць бы кавалак хлеба ці якога-небудзь варыва – зусім іншая была б справа.
– Спачатку сырому зайцу быў рады, а цяпер ужо сапраўднага абеду захацеў, – засмяяўся Мірон. – У нашым становішчы трэба разважаць інакш: абы-чым, толькі б падтрымаць сябе. І галоўнае, каб разнастайная была страва. Вось чаму і журавіны вельмі карысныя. Гэта, брат, пладавіна, а ў ёй ёсць жалеза, вугляводы, вітаміны.
З поўнай шапкай журавін яны не хацелі ісці далей у лес, далі круг і накіраваліся назад. У адным месцы ўбачылі вялікую змяю. Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву яна вытыркала ўверх і млява варушылася.
Віктар мігам падскочыў і забіў яе дубінаю.
– Ну і гадзіна! – сказаў ён і пакратаў змяю нагою. – Мусіць, з метр будзе.
Яны пасунуліся былі далей, але хутка Мірон прыпыніўся.
– Слухай, – сказаў ён, – у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Ці нельга будзе як-небудзь скарыстаць і гэту?
– Ды што ж ты з яе зробіш? – засмяяўся Віктар.
– Не ведаю яшчэ. Але ў нашай бядняцкай гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца. Здымем з яе скуру.
– Хіба зрабіць з яе чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, – згадзіўся Віктар.
Агідная была справа, але праз некалькі хвілін скура была здзёртая. На зямлі застаўся голы, брыдкі скрутак, а Віктар закінуў сабе на плечы скуру-кішку.
Ціха ішлі яны па лесе, пільна прыглядаючыся навокал. За гэты невялікі час, як яны апынуліся на востраве, прырода значна змянілася. Лісце на дрэвах загусцелася, трава паднялася. Здавалася, і птушак больш стала, мацней разляталіся па лесе іх галасы. Вось пінькае лілавагрудая зябка, вось заліваецца чорны дрозд, свішча жоўтая івалга, стукаюць дзятлы. Заварушыліся розныя казюлькі, а ў цяньку пачуўся непрыемны звон камароў. Сям-там пераскакваюць з дрэва на дрэва вавёркі.
– Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! – прамовіў Мірон.
– Разласаваўся, – усміхнуўся Віктар. – Не на кожным кроку гэта здараецца, брат ты мой. Нават каб і знайшлі такое самае дупло, дык гэта зусім не значыць, што там абавязкова будуць арэхі: маглі і вавёркі з'есці за зіму.
Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер скуры – руды з белымі плямамі.
Мірон няўважліва зірнуў на яе і прамовіў:
– А гэта не вавёрка?
– Тсс! – шапнуў Віктар і прытрымаў рукою Мірона. – Гэта гарнастай!
– Няўжо ж ён такі нікчэмны? – здзівіўся Мірон.
– Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака – канец хваста, які заўсёды бывае чорным.
Гарнастай тым часам знік з вачэй.
Мірон зняважліва паціснуў плячыма.
– А я думаў – гарнастай немаведама што такое. Раней жа ніхто не меў права насіць гарнастаевыя футры, апрача цароў ды князёў.
– Я думаю, каб цары прысвоілі сабе таксама выключнае права на лапці, тады і лапці лічыліся б найбагацейшай і самай моднай рэччу, – усміхнуўся Віктар.
Праз некаторы час натрапілі на вожыка. Убачыўшы небяспеку, небарака зараз жа скруціўся ў клубок. Хлопцы падышлі да яго і пачалі меркаваць, што з ім рабіць.
– Каб былі дома, то ўзялі б яго жывым на пацеху, а тут што з ім будзеш рабіць? Есці, мусіць, яго нельга, – разважаў Віктар.
– А трэба было б і яго як-небудзь скарыстаць, – напружана думаў Мірон. – Могуць, напрыклад, спатрэбіцца ягоныя іглы ў якой-небудзь справе.
– А ведаеш што? – схапіўся Віктар. – Калі ўзяць яго скуру ды абкруціць ёю канец нашай дубіны, дык будзе такая булава, што з ёю хоць на мядзведзя ідзі!
– Вось бачыш!
– Але ж як шкада забіваць гэтае мілае стварэнне! – уздыхнуў Віктар.
Аднак прыйшлося забіць. Да журавін і змяінай скуры далучыўся вожык. З гэтай здабычай яны і вярнуліся дадому.