Палескія рабінзоны, 1 частка

І сапраўды, праз некаторы час спудзілі зайца, потым другога. Яны шмыганулі пад самым носам, але нашы «паляўнічыя» нічога не маглі ім зрабіць.
– Якая прыкрасць! – гарачыўся Віктар. – Гэтак яны хутка пачнуць здзекавацца з нас. Хоць бы лук які зрабіць.
– Мусіць, яно так і прыйдзецца, – адказаў Мірон, – а пакуль што хоць бы якую спажыву знайсці, каб можна было ўзяцца за будаўніцтва. Зірні, вунь каля таго дупла круціцца вавёрка. Кажуць, што часам у іх можна пажывіцца.
– Пэўна, можна! – павесялеў Віктар і мігам пачаў караскацца на дрэва.
Вавёрка спалохана крыкнула, пераскочыла на верхавіну і пачала там трывожна мітусіцца.
Дупло было не надта высока, каля яго ад ствала адыходзіла вялікая сухая галіна. Віктар хутка ўзлез, ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Мірон выцягнуў сваю доўгую шыю і затаіў дыханне.
– Ну, што? – нецярпліва запытаўся ён.
– Нічога нельга дастаць, рукі не хапае, – азваўся Віктар.
– Давай тады я палезу: мае рукі даўжэйшыя.
– Нічога не будзе. Ніякіх адзнак, можа, і зусім нічога няма, – адказаў Віктар і збянтэжана ўсеўся на галіне.
Памаўчалі крыху.
– Вось што! – крыкнуў раптам Віктар. – Гэты бок дрэва тонкі і спарахнелы. Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу.
Мірон зламаў тонкае дрэўца і падаў Віктару. Засунуў Віктар палку, націснуў – і зараз жа пасыпаліся трэскі і труха. Праз некалькі хвілін замест дзіры была доўгая шчыліна, і нарэшце Віктар мог дастаць гняздо.
– Ёсць нешта! – крыкнуў ён.
– Што? Што? – захваляваўся Мірон.
Віктар яшчэ папоркаўся, а потым як гаркне на ўсё горла:
– Арэхі! Шмат арэхаў!
Напхаў поўныя кішэні, потым пачаў сыпаць за пазуху, а там усё яшчэ было.
– Сып на зямлю, я ўсё падбяру! – крычаў Мірон.
Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Нарэшце запасы скончыліся, і Віктар нават выцягнуў і пусціў па ветру гняздо.
– Навошта ты гняздо разбурыў? – закрычаў Мірон. – Хай бы ў падзяку хоць гнязда не чапаў!
– Усё роўна яна больш не будзе тут жыць, – сказаў Віктар і злез з дрэва.
Калі сабралі ўсе арэхі, то іх набралася кілаграмы са тры.
– За здароўе гэтага мілага стварэння! – сказаў Віктар, лузгаючы арэхі.
Панапхалі сабе арэхаў дзе толькі можна было і весела накіраваліся «дадому».
Праз некалькі крокаў Віктар спыніўся.
– Глянь! – крыкнуў ён. – Нібы грыбы нейкія. Можа, і іх можна скарыстаць? Але, здаецца, яны воўчыя.
Мірон нахіліўся. Ён убачыў бурыя грыбы, – нібы сушаныя грушы, панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак надавала ім нейкі асаблівы выгляд.
– Гэта смаржы, – сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў іх.
– А іх можна есці?
– Можна, і нават яны вельмі смачныя, але гэтыя занадта старыя. Смаржы – першыя нашы грыбы. Яны з'яўляюцца зараз жа пасля таго, як растане снег.
– Калі можна есці, дык няма чаго перабіраць, старыя ці маладыя.
– Ну, не. Старыя небяспечныя, атрутныя. Ды ў гэтых дробных зморшчках столькі пяску і рознага бруду, што іх і вымыць нельга.
– Пашукаем тады маладзейшых.
– Пашукаем.
Пачалі шукаць, але справа была вельмі марудная, бо амаль для кожнага грыба даводзілася складаць «камісію», каб вызначыць, стары ён ці малады. Пад пагрозай атруты выкінулі нямала і добрых грыбоў, але ўсё ж такі знаходзіліся і надзейныя. Вось ужо зараз будзе поўная шапка…
Але тут на шыю Мірона капнула некалькі кропляў дажджу.
– Дождж! – закрычаў ён не сваім голасам, нібы гэта капнула гарачая смала, кінуў шапку і паляцеў на сваіх цыбатых нагах так, што Віктар адразу згубіў яго з вачэй.