Палескія рабінзоны, 1 частка

Доўга прыйшлося ім папоўзаць, пакуль знайшлі невялікі гладкі, крыху сплюшчаны камень. А калі захацелі пакрышыць – дык не было чым і аб што!
– Вось табе і на! – сказаў збянтэжаны Мірон. – Трэба, значыцца, шукаць другі.
Але знайсці другі камень цяпер не было надзеі. Віктар усміхнуўся:
– Не выкруцішся, брат, – грызі зайца!
– А вось паглядзім! – упарта сказаў Мірон, адшпіліў рэмень і ўзяўся за жалезную спражку. – Гэтая штука выратуе. Асабліва, калі яе яшчэ павастрыць аб камень.
– Вось хітры, чорт! – прамовіў Віктар.
Мірон пачаў вастрыць сваю прыладу аб камень, але ён быў зусім гладкі і жалеза коўзалася без жаданых вынікаў. Тады Віктар падбег да балота, зачарпнуў у жменю вады, змяшаў з пяском і прынёс Мірону.
– Вось табе рацыяналізацыя, – сказаў ён.
«Рацыяналізацыя» трошкі дапамагла. Хоць навастрыць спражку, як нож, і нельга было, але канты зняць удалося. Тады выявілася новая бяда: гладкі, закруглены край спражкі так ёмка слізгаў па скуры, што не пакідаў знаку.
– Зноў не тое! – з прыкрасцю вымавіў Віктар.
– Тады зробім, каб было тое, – спакойна адказаў Мірон.
– Якім чынам?
– Пастукаем аб камень, зробім насечкі, каб не слізгала. Так сказаць, па прынцыпу пілы.
– Па прынцыпу пілы-ы! – з жартаўлівай павагай паўтарыў Віктар. – Гэта я разумею.
Спражка пачала драпаць скуру і пакідаць сякі-такі след. Але тут выявіўся новы недахоп: «лязо» было надта кароткім і больш прыходзілася пароць рогам, чым рэзаць ці піліць рабром. А рог акурат быў зусім тупы, прыйшлося цяпер завастрыць яго.
Адным словам, кожны раз выяўлялася, што трэба і можна яшчэ і яшчэ палепшыць прыладу. Нарэшце Віктар сказаў:
– Чаму было нам адразу так не зрабіць? А то цэлую гадзіну ўсё патрошкі выдумваем.
– Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не надта выдумаеш, – адказаў Мірон. – Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі…
– …тысячагоддзі! – жартаўліва падказаў Віктар.
– І тысячагоддзі! – сур'ёзна сказаў Мірон. – Першабытны чалавек еў сырога зайца гэтак жа, як і ты. А колькі часу прайшло, пакуль ён здабыў агонь? Першабытны чалавек не меў ніякай прылады, як і мы. А колькі часу прайшло, пакуль ён надумаўся скарыстаць камень? А колькі часу прайшло ад каменя да жалеза?…
– Пачакай, пачакай, – перапыніў Віктар. – Тут ужо ты няправільна разважаеш: жалеза ты не выдумаў, а гатовае ўзяў.
– Ну добра, – згадзіўся Мірон. – Але апрацоўку і прыстасаванне яго першабытны чалавек прыдумаў, напэўна, не за гадзіну. Вось разам і набяруцца не толькі тысячы год, а нават мільёны. А ў нас з табою і дня не прайшло.
– Няма чаго задавацца, – зняважліва адказаў Віктар. – Твае вынаходствы не твая заслута, а ўсіх папярэдніх пакаленняў, у тым ліку і першабытных людзей. Твайго тут і макавінкі не знойдзецца. А каб не было нікога да нас, то мы з табою таксама выдумлялі б мільёны гадоў.
Гэтыя размовы мелі тую карысць, што на некаторы час адцягнулі думкі хлопцаў ад голаду. Затым прылада была пушчана ў ход. Які гэта быў «ход», лепш ужо не гаварыць… У кожным разе, роля прылады зусім не адпавядала той навуковай дыскусіі, якая вялася вакол яе. Аднак з дапамогай трэсак, сучкоў, пальцаў абодвух хлопцаў яна выканала сваю задачу: атрымалася некалькі бясформенных кавалкаў мяса, якія Мірон і закапаў у жар.
– А можа, лепш над агнём? – сказаў Віктар. – Я чытаў, што гэтак робяць.
– А я чытаў, што ў попел кладуць, – адказаў Мірон. – Другі раз паспрабуем над агнём. Паспеем яшчэ вывучыць розныя спосабы.
Калі мяса пачало скварыцца і сіпець, пакуты хлопцаў яшчэ больш павялічыліся.
– Цягні, досыць будзе! – крычаў Віктар кожную хвіліну.
Нарэшце выцягнулі.
Што за смажаніна выйшла, які смак мела, – невядома, бо з'едзена яна была ў адзін міг. І толькі пасля гэтага пайшлі розныя заўвагі:
– А здаецца, мы яго недатрымалі.
– Шкада, што солі няма. Была б зусім іншая рэч.
– Эх, каб хоць малюсенькую лустачку хлеба!
Затое тыя кавалкі мяса, што засталіся на заўтра, былі дасмажаны добра. Палажылі іх на трэсках пад дрэвам і пачалі рыхтавацца да сну. Настрой хлопцаў быў ужо зусім іншым.
– Закурыць бы цяпер, – сказаў Віктар і пайшоў шукаць сваю махорку.