Палескія рабінзоны, 1 частка

– А чаму ж ты сам не сцяміў?
– Усё сам ды сам, а твая галава навошта?
– Няўжо ты забыўся, што гэты спосаб і шнуркі я прыдумаў, а не ты?
Тут Віктар убачыў, што даў маху. Але ж не ўступаць жа з-за гэтага! І ён, рыхтуючы шнуркі, усё ж такі бурчаў, абы толькі не маўчаць, абы толькі мець апошняе слова:
– Рана хваліцца новым спосабам – невядома яшчэ, што з яго выйдзе. А шнуркі знайсці на чужых нагах кожны здолее. Я і сам здагадаўся б, каб падумаў…
– …месяцы са два, – у тон яму прадоўжыў Мірон.
Віктар паглядзеў на яго і… шчыра зарагатаў.
Разарваны шнурок звязалі і скруцілі з цэлым. Але зноў бяда: вузялок перашкаджаў прыладзе рухацца!
Тады хлопцы накруцілі вакол шнуркоў тонкіх карэньчыкаў. Пасля таго ўся вяроўка зрабілася таўсцейшай, вузялок схаваўся і ў дадатак яшчэ наогул магутнасць машыны павялічылася ў шмат разоў.
Зноў пачалі шморгаць лукам. Цяпер ужо цягаў Мірон, а Віктар прыціскаў палку каменем. І калі ўжо здавалася, што вось-вось пакажацца дымок, камень саслізнуўся і машына павалілася набок.
На гэты раз ужо Мірон не вытрымаў:
– Выходзіць, на які ўчастак цябе ні паставіць, заўсёды там будзе аварыя.
– Ды хіба ж я хацеў? – пакорна апраўдваўся Віктар.
Мірон і сам ведаў, што Віктар не вінаваты, таму нічога болей не сказаў.
Зноў пусцілі машыну. І вось, нарэшце, паказаўся дымок!…
– Ура! Давай, давай яшчэ! – закрычалі хлопцы, як вар'яты.
Дымок павялічваўся, апілкі зачарнеліся і… бліснула іскра!
– Падгарні падпал! Дзьмухай! Дзьмухай!…
Праз хвіліну хлопцы сядзелі ля агню. На тварах іх свяцілася такое шчасце, якога яны ніколі не адчувалі яшчэ ў сваім жыцці. Надыходзіў вячэрні змрок, і ад гэтага яшчэ ўтульней было каля агню.
– Нездарма першабытныя людзі пакланяліся агню, – разважаў Мірон, – нездарма і рэлігіі вядуць пачатак адсюль. Мне самому хочацца маліцца на яго. Усе мы так прызвычаіліся да агню, нам так лёгка здабываць яго, што нам здаецца, нібы гэтак заўсёды было і іначай быць не можа. Толькі ў такім становішчы, як мы, можна добра адчуць, што такое агонь, можна ўявіць, як жылі тыя людзі, што не ведалі яго.
Ён пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Змрок згушчаўся. А разам з гэтым ярчэла святло ад агню.
І Віктар сядзеў нерухома, не зводзячы вачэй з агню. Яны нават на некаторы час забыліся на ежу.
Нарэшце Віктар ускочыў і крыкнуў:
– Навошта ж я тады сырое мяса еў? Ты выкруціўся ад гэтага, а я дарэмна пакутаваў. Не, брат, так нядобра. Ты таксама павінен пакаштаваць.
Ён ухапіў зайца і пачаў соваць яго Мірону ў рот. Пачалася вясёлая тузаніна.
– Пачакай! – крыкнуў Мірон засопшыся. – Ты ж цяпер маеш перавагу. Табе гэта нічога не пашкодзіла, а між тым ты можаш цяпер хваліцца, што ўсё перажыў на сваім вяку, нават сырое мяса еў.
– А што ты думаеш? Яно і сапраўды так, – згадзіўся Віктар. – Ну, давай гатаваць вячэру.
Але зараз жа выявілася, што справа зусім не такая простая: не было нажа! А без яго аніяк нельга было даступіцца да зайца.
– Вось дык задача! – засмуціўся Віктар. – Хоць ты яго цалкам кідай у агонь.
Ён круціў зайца і так і гэтак, пераламаў яму ногі, але больш нічога, вядома, зрабіць не мог.
– Выходзіць, што зноў трэба зубы ў ход пускаць, – сказаў ён. – Але на гэты раз прыйдзецца ўжо табе.
– Пачакай, – адмахнуўся Мірон, – трэба што-небудзь прыдумаць. Можа, які востры камень знойдзецца? Я пашукаю.
Але было цёмна, і можна было шукаць толькі каля сябе.
– Цяпер і я табе магу лекцыю прачытаць, – важна сказаў Віктар. – Вострага каменя ты тут не знойдзеш, бо ўсе каменні нанесены сюды ледавікамі і талай вадой з далёкай поўначы. Па дарозе яны або перацерліся ў пясок, або адшліфаваліся ў круглыя галачкі. Нават больш-менш вялікіх каменняў тут не знойдзеш: яны засталіся далей на поўнач, напрыклад, у Полаччыне.
– Ведаю я гэта, – адказаў Мірон, але ўсё ж поўзаў на каленях і капаўся ў пяску. – Не можа быць, каб аніводнага, нават невялікага каменьчыка не было. А калі ён будзе круглы, дык яго можна разбіць на кавалкі.
Віктар аж засаромеўся: яму ў гэты момант зусім не прыйшла на думку такая простая рэч, што камень можна пабіць. Віктар тады і сам узяўся шукаць.