Палескія рабінзоны, 1 частка

У пясчаную ямку, дзе начавалі мінулую ноч, яны звалаклі ўсё сухое, што маглі знайсці вакол сябе, і ў дадатак яшчэ наламалі кучу яловых лапак. Атрымалася бярлога, ад якой не адмовіўся б і сам мядзведзь.
Хлопцы залезлі ў яе, некаторы час прыладжваліся і круціліся, як квактуха ў гняздзе, затым сцішыліся. Але, нягледзячы на стомленасць, адразу заснуць не маглі. Становішча, у якім яны так нечакана апынуліся, было вельмі непрыемнае. Ці паспеюць яны вярнуцца да пачатку заняткаў у тэхнікуме? Колькі дзён трэба на тое, каб вада сышла? Як пражыць гэтыя дні? Колькі трывогі будзе дома, калі яны спозняцца!… Адным словам, было над чым задумацца.
Вось табе і няхітрая навука! – Прыйшлося пакаштаваць сырога зайца. – Дынама-машына. – Агонь! – Крыўда Віктара. – Навуковая дыскусія.
– Толькі пачатак цяжкі, – казаў раніцою Мірон, устаючы, – а вось другая ноч была зусім нядрэнная. Можа, і да голаду прывыкнуць можна будзе. Прынамсі, цяпер я не адчуваю яго.
Не адчуваў голаду пакуль што і Віктар, толькі ў роце было неяк нядобра.
Паўстала пытанне, што спачатку рабіць: ці «хату» будаваць, ці агонь здабываць? Спрачацца не прыйшлося – аднагалосна прызналі, што агонь важней. Але як прыступіцца да гэтай справы?
– Неяк церці ды круціць трэба сухія трэскі, – прамовіў Віктар. – А як яно робіцца – ты ведаеш?
– Ну, гэта навука няхітрая, – адказаў Мірон.
Узялі два сухія кавалкі і пачалі церці адзін аб адзін. Церлі доўга, цярпліва, некалькі разоў мяняліся. Але агню не было. Праўда, кавалкі так нагрэліся, што дакрануцца да іх нельга было. Але да агню было яшчэ далёка.
– Пачакай! – крыкнуў Віктар. – Трэба ж падрыхтаваць сухой губы і іншай трухі. Само дрэва полымем не загарыцца.
– Ведаю я гэта, – адказаў Мірон, – але пакуль што няма ад чаго губу запальваць. Гэтыя трэскі толькі награюцца – і ўсё. Як жа яны запальваюцца? Няўжо не памятаеш? Ты, мусіць, не раз чытаў.
– А ты не чытаў? Чаму ж ты не ведаеш?
– Ды неяк не звяртаў увагі на падрабязнасці. Пішуць, што труць і круцяць, а як – не цікавіўся.
– Каб ведаць, што яно спатрэбіцца… – уздыхнуў Віктар.
– Не ўмеем мы ўважліва чытаць кнігі, – з роздумам сказаў Мірон, – столькі разоў чытаў, а як – не заўважыў.
– Лепш тады выбіць агонь крэменем, – прапанаваў Віктар.
– Вядома, лепш, каб яго знайсці, – згадзіўся Мірон.
Але дзе там было знайсці крэмень сярод балота!
Думка аб тым, што агню здабыць не ўдасца, зусім збянтэжыла хлопцаў. На момант яны адчулі, што ім нічога не хочацца рабіць, што іх нішто не цікавіць і што сонца ўжо не грэе. Але праз хвіліну Віктар крыкнуў:
– Падрыхтуй ты чаго-небудзь сухога на распал, а я буду церці хоць цэлы дзень. Галоўнае – не спыняцца.
Сцяўшы зубы, ён зноў пачаў церці – моцна, упарта, доўга. Кроплі поту падалі на дрэва і бадай што сіпелі ад гарачыні, а дыму не было. Нарэшце абодва кавалкі пакрышыліся ў руках. Віктар злосна кінуў іх і пачаў выціраць лоб.
– А можа, і загарэлася б, каб дрэва было цвярдзейшае, – нерашуча прамовіў Мірон.
Віктар толькі рукой махнуў:
– Дзе там! Каб туды ішло, то была б хоць якая-небудзь іскра ці дымок. А тут толькі гарачыня – і больш нічога.
– Але ў кнігах пішуць…
– Хай бы той сам паспрабаваў, хто піша, – сказаў Віктар, цяжка дыхаючы.
Ён стаяў, апусціўшы рукі, нібы толькі што вылез з вады. Мірон ніколі не бачыў у свайго прыяцеля такога выразу твару, як цяпер: гэта быў не жыццярадасны юнак, а сталы мужчына з суровым тварам і складкамі на лбе. Віктар нешта абдумваў. Затым цвёрдымі крокамі падышоў да зайца, падняў яго і пачаў разглядаць, адхіляючы пальцамі ў некаторых месцах поўсць.
– Што ты хочаш рабіць? – з жахам спытаў Мірон, здагадваючыся, у чым справа.
– Тое, што зрабіў бы на нашым месцы кожны разумны чалавек, – спакойна адказаў Віктар і, набраўшыся духу, нібы збіраўся кінуцца галавой у палонку, запусціў зубы ў спіну зайца…
Трэба адзначыць, што ў адным выпадку «геройства» Віктара было не ў тым, што ён з голаду адважыўся пакаштаваць сырога мяса, а ў тым, што ён аднымі толькі зубамі, праз поўсць і скуру, дабраўся да гэтага мяса. Гэта была вельмі цяжкая, складаная і непрыемная аперацыя…
– Ну, як? – затаіўшы дыханне, запытаўся Мірон, калі Віктар нарэшце адкусіў і праглынуў кавалак.
– Пакаштуй, – адказаў Віктар і працягнуў яму зайца.
Мірон нерашуча ўзяў, пакруціў яго, нацэліўся быў укусіць, але адклаў.
– Не, – прашаптаў ён, – не магу. Пакуль яшчэ не паміраю – пачакаю.