Палескія рабінзоны, 1 частка

– А есці хочацца… – неяк жаласна сказаў Віктар.
– Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.
– Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?
– Заўтра і будзем меркаваць, – сказаў Мірон і лёг у сваё логава. – А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца – хай грэе, а я палажу пугача.
Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.
– Учора гэтай парой як пад'еў… – пачаў быў Віктар.
– Давай пашукаем нашы запалкі, – перапыніў яго Мірон. – Тады і пад'ясі.
Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі – запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела…
– Ну і ліха з імі! – раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. – Хадзем лепш дахаты.
– А што рабіць з гэтай дурной савой?
– Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.
І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.
«Па-а марам!» – Усё направа ды направа. – Зайцаў абед. – Зноў на тым самым месцы.
Шпарка ішлі яны наперад па сухім бары. Злева час ад часу выблісквала возера. Бярозы, алешыны, вербалоз з маленькімі светла-жоўценькімі лісточкамі атачалі яго, нібы мярэжкі. Елкі і сосны на гэтым фоне здаваліся зусім чорнымі. Вясёлае веснавое сонейка шнырала паміж дрэў і цешыла і расліну, і птушку, і ваду, і нашых хлопцаў.
Прырода, вясна і маладосць напоўнілі іх жыццярадаснасцю. Нават на голад забыліся.
– Па-а марам, марам, марам, мара-ам! – зацягнуў Віктар.
– Сёння тут, а заўтра там! – падхапіў Мірон.
А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»
– Ведаеш што? – звярнуўся Віктар да Мірона. – Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.
– Ды і я нічога супраць не меў бы, – усміхнуўся Мірон, – але есці няма чаго.
– А гэта што? – пакруціў Віктар зайца над галавой.
– А якім чынам яго засмажыш?
– Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, – і ўся табе музыка.
– А хлеба, солі дзе ўзяць?
– Булкі, чаю, каўбасы! – перадражніў Віктар. – Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.
– Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, – прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.
Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.
– Бачыш, і там вада. Значыцца, трэба зварочваць.
Павярнулі направа. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Густы ельнік яшчэ болей перашкаджаў ісці. Яны стараліся скарыстаць кожную магчымасць, каб пасунуцца ў свой бок, налева, але кожны раз павінны былі адступацца назад.
Знайшлі былі больш-менш сухую невысокую граду, якая цягнулася на поўдзень, але хутка выявілася, што гэта быў толькі клін, які ўпіраўся ў возера ці балота, – хто яго цяпер разбярэ! Прыйшлося вяртацца назад.
Гэтак ішлі яны гадзіны са тры. Настрой у абодвух даўно ўжо сапсаваўся. Не толькі ў Віктара ў чаравіках, але і ў Мірона ў ботах хлюпала вада. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў так дапякаць, што і вясна, і ўвесь свет зрабіліся нямілымі.
– Гэтак, чаго добрага, і другую ноч давядзецца начаваць тут! – у роспачы сказаў Віктар.
– Ты ж толькі што казаў, што хацеў бы пажыць тут некалькі дзён, – упікнуў Мірон.
– Ану цябе! – махнуў рукой Віктар.