Палескія рабінзоны, 1 частка

Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар – заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон – з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.
 Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.
 – Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, – казалі яны. – Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!
 Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:
 – Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?
 – Нічога вы не разумееце! – пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.
 Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.
 І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.
 – Давай вычарпаем ваду шапкамі, – прапанаваў Мірон.
 – Ды нічога іншага не застаецца, – згадзіўся Віктар. – Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.
 – А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, – спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.
 Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.
 – А да таго лесу, мусіць, далёка, – прамовіў Мірон.
 – А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? – упікнуў Віктар.
 – Каб толькі ты не спалохаўся, – насмешліва адказаў Мірон.
 – Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! – свіснуў Віктар. – Першы раз па моры еду.
 – Толькі карабель наш псуе падарожжа, – уздыхнуў Мірон.
 – А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, – сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.
 – Ды навошта ты зноў становішся? – крыкнуў Мірон. – Дай лепш буду я, а ты адпачні.
 – Паглядзім, – усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.
 Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.
 – Ну, і якая ж розніца? – засмяяўся Віктар, – Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.
 – Розніца ёсць, – сур'ёзна адказаў Мірон. – Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.
 – Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, – нездаволена буркнуў Віктар.
 Асцярожна, мерна і моцна гроб Мірон, і човен пасоўваўся досыць шпарка. Вось наблізіліся першыя кусты, часам сухі чаротнік вытыркаўся з-пад вады: значыцца, скончылася возера і пачаўся бераг. Але праз некаторы час зноў выехалі ў другое, меншае возера.
 – Бач, як яно тут – па некалькі азёраў ідзе, – заўважыў Віктар.
 – Гэта яшчэ невядома. А можа, гэта толькі балота? Хто яго цяпер разбярэ? – сказаў Мірон.
 Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек ім дарогу і пачаў адносіць човен убок. Мірон упарта стаў з ім змагацца.
 – Сцеражыся! – раптам крыкнуў Віктар.
 На іх нёсся вялізны, рагаты корч. Сутычка была немінучая: праскочыць з такім нязграбным чоўнам было ўжо нельга.
 – Кладзіся! – крыкнуў Мірон і сам прыціснуўся да дна.
 Потым працягнуў наперад вясло, упёрся ў корч і паступова пачаў паслабляць руку, каб зменшыць штуршок. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам.
 – Вось прынесла яго ліха на нашу галаву! – злаваў Віктар. – Як жа цяпер ад яго адчапіцца?
 – Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, – спакойна сказаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен.
 Мінулі азярцо, зноў пайшлі кусты. Часам яны здаваліся астравамі, а калі човен пад'язджаў бліжэй, то мог праехаць праз іх проста па вадзе. Трапляліся і больш вялікія дрэвы: бярэзінкі, алешыны, нават елкі.
 Наперадзе, ужо недалёка, вызначаўся густы, сіні бор.