Палескія рабінзоны, 1 частка

Няўдалая спроба. – Да дзікуноў яшчэ не дараслі. – Рыбацтва кашуляй. – Уласнай гадоўлі рыба.
На другі дзень надвор'е выдалася зусім добрае. Вясна шпарка ішла наперад. Раніцою пайшлі падбіраць згубленыя ўчора арэхі і шукаць смаржоў. Арэхі падабралі, але добрых смаржоў не знайшлі: відаць, іх час зусім прайшоў.
– Давай зробім лук, – прапанаваў Віктар. – Можа, якога-небудзь дурнога зайца ўдасца аглушыць.
– А можа, мядзведзя хочаш? – засмяяўся Мірон.
Але на кожны выпадак узяліся за майстраванне. Выламалі па добраму арэхаваму дубцу, канцы іх абсмалілі на агні. Зарубкі зрабілі Міронавай спражкай. Віктар напяў свае шнуркі, а Мірону не было чаго напінаць.
– Можна было б адрэзаць тваім нажом тонкі пасак ад рэменя, – сказаў ён, – але на гэта трэба патраціць некалькі дзён, ды і не спадзяюся я на гэтую зброю.
– А як жа дзікуны?
– Мы цяпер у горшым становішчы за дзікуноў. У іх лук быў вынікам шматвяковай культуры, сродкам здабывання спажывы, а для нас гэта цацка. Давай давядзём да ладу спачатку твой.
Найцяжэйшай справай аказалася зрабіць стралу. Выразаць сапраўдную стралу з сухога моцнага дрэва не было магчымасці. Прыйшлося ўзяць просты дубец ды абсмаліць яго. Падрыхтаваўся Віктар і стрэліў.
Пырснула страла ў паветра і звалілася за некалькі крокаў ад іх. Абодва пакаціліся ад смеху.
– Вось дык зброя! – крыкнуў Мірон.
– Ты не думай, – нібы сур'ёзна адказаў Віктар. – Каб там сядзеў заяц ды каб канцом стралы трапіла яму ў вока, каб ад перапуду і неспадзеўкі ён кінуўся ў наш бок, – вось і была б здабыча. А такія выпадкі здараюцца. Мой бацька казаў, што яму аднаго разу без ніякай стралы заяц кінуўся пад ногі.
– Калі такім чынам, дык я згодзен, – смяяўся Мірон.
Яшчэ раз напяў Віктар лук, але на гэты раз выйшла яшчэ лепш: шнуркі разарваліся.
– Жарты ўбок, – сказаў Віктар сур'ёзна. – Я сам ведаю, што гэта глупства. Але няўжо ж мы не можам зрабіць лук сапраўдны, як у дзікуноў? У нас жа можа быць і скураная цеціва.
– Яно так, – адказаў Мірон, – але для гэтага і дрэва патрэбна больш адпаведнае, і трэба ведаць, як яго апрацаваць, умець рабіць стрэлы, ведаць усе іхнія капрызы і, нарэшце, практыкавацца шмат часу. А самае галоўнае – мець нож. Можа, у далейшым пойдзем паглядзім, ці нельга будзе дзе якую рыбіну злавіць.
– А чым будзеш лавіць?
– Паглядзім спачатку, што і як, а там убачым. Можа, і кашуляй ці штанамі можна будзе.
Пайшлі ўздоўж балота.
– Глянь, здаецца, вада пачынае спадаць, – заўважыў Віктар.
Яно і сапраўды так было. Вада крыху адсунулася. У розных месцах з-пад вады павытыркаліся новыя купінкі травы.
– Гэта добра, – сказаў Мірон, – але для рыбнай лоўлі застаецца менш магчымасцей, бо замест вады мы будзем мець балота.
Так ішлі яны цэлую гадзіну, шукалі даступнай вадзяной прасторы. Нарэшце падышлі да адной маленькай затокі. Вада клінам уразалася ў лагчынку між двума ўзгоркамі. Лагчынка была не балотная, пясчаная. Пасярэдзіне ўтварылася нібы возера, якое злучалася з сапраўдным возерам вузкай пратокай.
– А ў гэтым кутку павінна быць рыба, – сказаў Віктар. – Вада спакойная. Бачыш, як светла і ўтульна тут пад сонцам. А вунь і рыбкі мільгаюць.
І ён пачаў здымаць споднюю кашулю.
– Завяжам каўнер і рукавы, уставім абруч – вось і будзе сак, не горшы ад рыбацкага, – казаў ён, але праз некалькі хвілін крыкнуў: – Ах, каб на цябе кадук! Парваная! Здымі сваю.
Мірон зняў сваю кашулю. Завязаць яе ды ўставіць лазовы абруч было лёгкай і хуткай справай.
Праз некалькі хвілін нашы рыбакі ўжо ўлазілі ў ваду. Але хутка яны ўбачылі, што нічога ў іх не будзе, бо вада не выходзіла з кашулі і рыба нават пры добрым жаданні не магла трапіць у яе – вада не пускала.
– А ведаеш, твая падраная кашуля больш падышла б, – сказаў Мірон.
– Не, дзірка вялікая, ды яна адразу падралася б яшчэ болей. Як жа быць? Хіба вось што зробім: развяжам рукавы і возьмем за канцы адной рукой, а другой будзем трымацца за абруч.
– А калі рыба палезе праз рукаў, дык яе – цап! – засмяяўся Мірон. – Давай гэтак.
Пачалі лавіць новым спосабам. Пайшло лягчэй, але нязручна было тое, што трэба было нахіляцца ў ваду па шыю, каб трымаць рукавы на належнай глыбіні.
Праз некаторы час Мірон закрычаў:
– Ёсць! Стой! Ах, вырвалася!…
– У-у, незграбайла! – раззлаваўся Віктар.