Палескія рабінзоны, 1 частка

Хлопцы спалі сабе і нічога не чулі. Мусіць, таму, што грукат быў глухі, безупынны і ўзмацняўся паступова. Ён змешваўся з шолахам дрэў, а да такога шуму вушы хлопцаў ужо прызвычаіліся. Не прачнуліся яны і тады, калі ўпалі першыя кроплі цёплага дажджу.
Толькі зусім блізка страшэнны ўдар грому прымусіў Мірона ўскочыць на ногі. Ён адразу ж разбудзіў Віктара. Прайшло некалькі хвілін, пакуль хлопцы разабраліся, у чым справа.
– Агонь! Агонь! – крыкнуў Віктар ачухаўшыся і кінуўся да вогнішча.
Абодва разам пачалі дзьмухаць, падкладаць галлё.
А дождж пайшоў ужо як мае быць. Галлё сіпела, не хацела гарэць. Хлопцы ўткнуліся галовамі ў вуголле, распласталіся па зямлі і дзьмухалі з усёй сілы. А на спіны іх ліўся ўжо дождж, як з лубу.
Высокая хвоя, пад якой яны размясціліся, мела галіны надта высока, а дождж ішоў наўскасяк і без перашкод заліваў іх стаянку.
Вось ужо гром грукоча над самай галавой, маланка зіхаціць безупынна, вецер хістае дрэвы. Побач нават нешта ўжо храснула. Але небаракі нічога гэтага не чулі і не бачылі. Яны бачылі толькі сваё няшчаснае вогнішча, якое гінула на іх вачах. Тое галлё, якога яны панакідалі, не толькі не загаралася, але, наадварот, здаецца, канчаткова прыдушвала агонь. Спачатку яшчэ ішоў густы дым, а потым і ён пачаў змяншацца. Гэта было вернай адзнакай таго, што агонь памірае.
– К чорту гэта мокрае ламачча! – крыкнуў Віктар і пачаў раскідваць яго нагой.
– Што ты робіш? – з жахам крыкнуў Мірон. Але Віктар ужо зняў сваю скураную куртку і працягваў яму яе крысо.
– На, трымай! А ўсё лішняе – вон!
Яны развесілі над агнём куртку, а Віктар падлез пад яе, сабраў вугольчыкі, якія не пагаслі яшчэ, падклаў маленькіх сухіх трэсачак і раздзьмухаў маленькі агеньчык.
Гэты агеньчык яны і пачалі абараняць. Таму што ён быў маленечкі, куртку можна было трымаць зусім нізка над ім, стоячы на каленях. Цяпер ужо і касы дождж быў нястрашны.
Можа, з гадзіну цягнулася навальніца і ішоў такі праліўны дождж, што, здавалася, мог заліць які хочаш пажар. Хлопцы даўно ўжо прамоклі да апошняй ніткі, здубянелі ад холаду, але нічога гэтага не адчувалі. Толькі напружана сачылі за ветрам і дажджом і па ветру нахілялі сваю заслону.
Маленькі агеньчык бесклапотна гуляў пад вопраткай, нібы малое дзіцяня, і зусім не думаў пра небяспеку, ад якой яго бароняць.
– Ура! Перамога! – закрычаў Віктар, калі дождж скончыўся.
«Малое дзіцяня» хутка вырасла ў вялікае вогнішча, і абаронцы поўнасцю былі ўзнагароджаны за свае турботы.
– Паддавай! Яшчэ, яшчэ! – насіліся яны па лесе, сцягвалі галлё, якое цяпер нават мокрае гарэла, бо вогнішча распалілі страшэннае.
Дым ад яго, здавалася, запоўніў увесь лес. А калі галлё згарэла, дык жару ад яго хапіла, каб высушыць адзежу: хлопцы ледзь паспявалі падстаўляць то адзін, то другі бок.
Спаць у гэтую ноч болей не давялося – так і дачакаліся сонца.
Мяса знікла. – На паляванне з голымі рукамі. – Здзекі ад зайцоў. – Вавёрка выратавала. – Дарэмны перапуд. – Абед з трох страў без другой. – Будаўніцтва з дапамогай дваццаці пальцаў.
На гэты раз з бяды выкруціліся. Трэба было брацца за будаўніцтва, каб забяспечыць сябе не толькі хатай, але і агнём.
– Прыйдзецца пабудаваць вялікую юрту, – казаў Віктар, – каб усярэдзіне і спаць можна было б і каб для агню хапала месца.
– Не забывайся, што апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструмента няма, – заўважыў Мірон.
– А пра нож забыўся?
– Які там нож! – махнуў рукой Мірон. – Спачатку зробім павець, пад якой можна было б хаваць агонь у час дажджу. Нават не для вогнішча наогул, а для маленькага запаснога агеньчыка. Вунь там, напрыклад, між карэннямі можна.
– А калі так, то маленькі агонь можна і ў будане трымаць.
– Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба.
Пачалі спрачацца.
– Калі так, то будзем галасаваць! – крыкнуў Віктар па прывычцы.
– Давай! – засмяяўся Мірон.
Віктар схамянуўся і таксама пакаціўся ад смеху. Гэты смех спыніў спрэчкі.
Яны ўбачылі, што і спрачацца не было чаго. Ніхто не перашкаджае падтрымліваць агонь і там і тут. Абы толькі сачыць і пільнаваць. Нарэшце згадзіліся перш будаваць хату.
– Толькі трэба спачатку падмацавацца, – сказаў Віктар і павярнуўся да ўчарашняга мяса.
Шась сюды, шась туды – няма мяса!
– Што ж гэта такое? – развёў рукамі Віктар. – Можа, ты з'еў?
– Ну-ну! – абурыўся Мірон і таксама пачаў шукаць.
За некалькі крокаў знайшлі невялікі абгрызены кавалак.