Палескія рабінзоны, 1 частка

Пачалі наладжваць новую прыладу.
– У дошчачцы трэба выкалупаць ямку, – тлумачыў Мірон. – Уставім туды востры канец палкі, вось так. Я каменем буду паступова прыціскаць зверху, а ты круці палку то ў адзін, то ў другі бок.
Лёгка было сказаць – «выкалупаць ямку». А калі дайшло да справы, то гэтае «калупанне» без прылады аказалася вельмі нялёгкай і маруднай справай. Колькі трэсачак пераламалі! Ды яшчэ трэба было сачыць, каб яны былі зусім сухія, бо іначай ямка зрабілася б вільготнай.
Нарэшце падрыхтоўчыя работы былі скончаны.
Віктар узяў палку між далонямі і пачаў круціць. Але машына спынялася кожную хвіліну: то рукі саслізнуць, то камень, то Мірон занадта прыцісне. Нарэшце Віктару далоні пачалі балець.
– Ды яно нават і не награецца, – з прыкрасцю сказаў ён. – І якім гэта чынам дзікуны робяць? Мы прызвычаіліся з пагардай зваць іх дзікунамі, а самі – дурнейшыя ад іх. Тут патрэбна спецыяльная машына, каб круціць.
Мірон стаяў, апусціўшы галаву, і напружана думаў. Нарэшце ён крыкнуў:
– Успомніў! Успомніў! Трэба зрабіць лук, абкруціць адзін раз палку напятай струной і піліць, як на скрыпцы. Яна тады і будзе круціцца як след. Калісьці я нават і малюнак такі бачыў у адной кніжцы.
– Пачакай яшчэ скакаць, – недаверліва сказаў Віктар. – Мы ўжо рабілі па кніжцы.
– Тое, ды не тое, – упэўнена адказаў Мірон.
Знайсці і зламаць патрэбную галіну было няцяжка. Але што на яе напяць? Азірнуліся навакол, зірнулі на сябе.
– Давай шнурок ад сваіх чаравікаў! – крыкнуў Мірон.
Прыладзіліся. Падрыхтавалі губу, драбнюсенькія трэсачкі. Пачалі шморгаць лукам. Справа пайшла іначай. Нават Віктар пачаў спадзявацца.
– Дынама-машына, ды і годзе! – засмяяўся ён.
Сучок круціўся, ямка паглыблялася.
– Поўны ход! Без перапынку! – камандаваў Мірон.
Віктар і без гэтага стараўся ваўсю. Але праз некалькі хвілін лук як тарганецца ды як скокне ўбок!… Ледзь Віктару вока не выбіў: гэта шнурок перапіліўся і парваўся.
– Вось няшчасце! – усклікнуў Віктар. – Чаму ж ты два шнуркі разам не скруціў?
– А чаму ж ты сам не сцяміў?
– Усё сам ды сам, а твая галава навошта?
– Няўжо ты забыўся, што гэты спосаб і шнуркі я прыдумаў, а не ты?
Тут Віктар убачыў, што даў маху. Але ж не ўступаць жа з-за гэтага! І ён, рыхтуючы шнуркі, усё ж такі бурчаў, абы толькі не маўчаць, абы толькі мець апошняе слова:
– Рана хваліцца новым спосабам – невядома яшчэ, што з яго выйдзе. А шнуркі знайсці на чужых нагах кожны здолее. Я і сам здагадаўся б, каб падумаў…
– …месяцы са два, – у тон яму прадоўжыў Мірон.
Віктар паглядзеў на яго і… шчыра зарагатаў.
Разарваны шнурок звязалі і скруцілі з цэлым. Але зноў бяда: вузялок перашкаджаў прыладзе рухацца!
Тады хлопцы накруцілі вакол шнуркоў тонкіх карэньчыкаў. Пасля таго ўся вяроўка зрабілася таўсцейшай, вузялок схаваўся і ў дадатак яшчэ наогул магутнасць машыны павялічылася ў шмат разоў.
Зноў пачалі шморгаць лукам. Цяпер ужо цягаў Мірон, а Віктар прыціскаў палку каменем. І калі ўжо здавалася, што вось-вось пакажацца дымок, камень саслізнуўся і машына павалілася набок.
На гэты раз ужо Мірон не вытрымаў:
– Выходзіць, на які ўчастак цябе ні паставіць, заўсёды там будзе аварыя.
– Ды хіба ж я хацеў? – пакорна апраўдваўся Віктар.
Мірон і сам ведаў, што Віктар не вінаваты, таму нічога болей не сказаў.
Зноў пусцілі машыну. І вось, нарэшце, паказаўся дымок!…
– Ура! Давай, давай яшчэ! – закрычалі хлопцы, як вар'яты.
Дымок павялічваўся, апілкі зачарнеліся і… бліснула іскра!
– Падгарні падпал! Дзьмухай! Дзьмухай!…
Праз хвіліну хлопцы сядзелі ля агню. На тварах іх свяцілася такое шчасце, якога яны ніколі не адчувалі яшчэ ў сваім жыцці. Надыходзіў вячэрні змрок, і ад гэтага яшчэ ўтульней было каля агню.
– Нездарма першабытныя людзі пакланяліся агню, – разважаў Мірон, – нездарма і рэлігіі вядуць пачатак адсюль. Мне самому хочацца маліцца на яго. Усе мы так прызвычаіліся да агню, нам так лёгка здабываць яго, што нам здаецца, нібы гэтак заўсёды было і іначай быць не можа. Толькі ў такім становішчы, як мы, можна добра адчуць, што такое агонь, можна ўявіць, як жылі тыя людзі, што не ведалі яго.
Ён пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Змрок згушчаўся. А разам з гэтым ярчэла святло ад агню.